ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл. Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч. калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)